Центр безопасности МЧС
Слёт Дедов Морозов и Снегурочек
Военно-патриотическая игра «Лазертаг»
Большая октябрятская игра. Районный этап
Дружеский матч по волейболу «Здорово быть здоровым!»
Большая октябрятская игра. Дружинный этап
Неделя милосердия

Тлумачальная запіска

З чаго пачынаецца Радзіма? Для дзяцей яна пачынаецца са свайго двара, школы, пасёлка, горада, раёна і рэгіёна. Інтарэс, жаданне даследавання і магчымасці пазнання свайго рэгіёна з’яўляюцца натуральнымі для многіх вучняў,  і з гадамі толькі павялічваюцца. Паглыбленыя веды пра родны край, яго мінулае і сучаснасць, яго людзей, прыроду, культуру, гісторыю садзейнічаюць выхаванню грамадзяніна, які паважае традыцыі свайго народа, нераўнадушны да лёсу краіны, да лёсу сваёй малой радзімы.

У кожным населеным пункце, у кожным раёне ёсць непаўторныя прыродныя, культурныя або гістарычныя аб’екты, якія фарміруюць любоў да родных мясцін, жаданне вывучаць іх.

Краязнаўчыя веды садзейнічаюць больш трываламу засваенню гістарычных падзей і паспяховаму вырашэнню выхаваўчых задач, надаюць гісторыі непаўторны каларыт, дапамагаюць звязаць жыццё роднай зямлі з паняццем “Радзіма”, а любоў да роднага краю жывіць любоў да яе. Вывучэнне мясцовых гістарычных падзей нібы набліжае гістарычнае мінулае да свядомасці вучняў, робіць яго цікавым і зразумелым.

Выхаванне патрыятызму ў цяперашні час перарастае ў сацыяльна-эканамічную задачу, бо многія гістарычныя і геаграфічныя матэрыялы аб развіцці гаспадарчай дзейнасці чалавека на тэрыторыі рэгіёна паказваюць, што канкурэнтаздольнасць рэгіёна ў значнай ступені залежыць ад узроўню падрыхтоўкі працоўных рэсурсаў і іх асабістай канкурэнтаздольнасці на рынку працы. Важным з’яўляецца выхаваць у вучняў разуменне ўзаемасувязі голнага, камфортнага жыцця кожнай сям’і ад асабістага ўклада грамадзяніна ва ўстойлівае развіццё рэгіёна.

Адукацыйна-даследчая праграма “Мой рэгіён – мая малая радзіма” накіравана на паглыбленае вывучэнне свайго рэгіёна.

Мэта праграмы:

Выяўляючы і развіваючы творча-даследчы патэнцыял вучняў, фарміраваць у іх грамадзянскасць і патрыятызм праз паглыбленае вывучэнне рэгіёна.

Задачы праграмы:

А) грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў праз уключэнне іх у грамадска-карысную практыку;

Б) сацыяльна-арыентаваная дзейнасць праз выкарыстанне магчымасцей акцый грамадзянска-патрыятычнай і краязнаўчай накіраванасці;

В) уключэнне асобы ў сістэму сацыяльных камунікацый праз паглыбленае комплекснае вывучэнне свайго рэгіёна;

Г) фарміраванне даследчых уменняў вучняў;

Д) садзейнічанне сацыяльнай адаптацыі ў грамадства праз вывучэнне рынка працы рэгіёна;

Е) фарміраванне ў вучняў разумення ўзаемасувязі годнага, камфортнага жыцця кожнай сям’і і асабістага ўклада грамадзяніна ва ўстойлівае развіццё рэгіёна.

Прынцыпы пабудовы праграмы:

-інтэгратыўны – праграма інтэгруе веды ў вобласці гуманітарных і прыродазнаўчых навук (гісторыя, археалогія, этнаграфія, літаратура, геаграфія, геалогія, прыродазнаўства, экалогія), што дазваляе комплексна вывучаць аб’екты, з’явы, падзеі;

-сувязь са школьнымі праграмамі – праграма дазваляе дапоўніць, узбагаціць, удакладніць веды школьнікаў па прадметах на прыкладзе разгляду мясцовага матэрыялу;

-практыкаарыентаванасці – дазваляе звязаць тэарэтычныя веды з жыццём;

-пераемнасць – забяспечваецца стабільнасцю розных відаў і арганізацыйных форм дзейнасці пры варыятыўнасці іх рэалізацыі;

-сістэмны – пабудова праграмы садзейнічае паслядоўнай сістэматызацыі рознабаковых ведаў на матэрыяле канкрэтнага рэгіёна;

-уключэнне ў даследчую дзейнасць вучняў у працэсе вывучэння свайго рэгіёна;

-краязнаўчы – праграма прадугледжвае комплекснае вывучэнне населенага пункта і рэгіёна, у якім пражываюць вучні з наступным выкарыстаннем ведаў у грамадска-карыснай дзейнасці.

Змест праграмы ўключае некалькі асноўных блокаў: “Прырода свайго рэгіёна”, “Культурна-гістарычная спадчына рэгіёна”, “Насельніцтва рэгіёна”, “Сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна”.

Праграма прадугледжвае выкананне практычных заданняў па вывучэнні аб’ектаў на мясцовасці. Засваенне зместу праграмы патрабуе ўключэння вучняў у пошукава-даследчую дзейнасць.

Уводзіны

Змест і асноўныя тэмы, структура праграмы, асаблівасці выканання практычнай часткі.

Спецыяльная падрыхтоўка для экспедыцыйнай дзейнасці па вывучэнні прыродных і гістарычных аб’ектаў 

Экспедыцыйная дзейнасць. Пошукавая работа на мясцовасці, спецыфіка пошуку прыродных, геаграфічных і ваенных а’ектаў. Асаблівасці пашпартызацыі рознапланавых аб’ектаў.

Карты геаграфічныя, спецыяльныя, тапаграфічныя, спартыўнага арыентавання. Знаёмства з картаграфічнымі матэрыяламі розных гістарычных эпох. Тапаграфічная падрыхтоўка. Компас, арыентаванне на мясцовасці.

Рыштунак асабісты, групавы і спецыяльны для забеспячэння экспедыцыйнай дзейнасці. Турысцкія навыкі.

Тэхніка бяспекі ў час экспедыцыйнай дзейнасці пры вывучэнні прыродных, гістарычных і ваенных аб’ектаў. Гігіена ў час экспедыцыі. Першая даўрачэбная дапамога.

Практычныя работы

Параўнальны аналіз картаграфічнага матэрыялу розных гістарычных перыядаў.

Вызначэнне старон гарызонта на мясцовасці, вызначэнне азімута, рух па карце. Складанне схем маршрутаў, графіка руху. Вычэрчванне картасхем тапаграфічнымі знакамі. Складанне плана мясцовасці.

Падрыхтоўка экспедыцыі: складанне бюджэта, сметы, меню, складанне спіса асабістага, групавога і спецыяльнага рыштунку. Прыгатаванне ежы ў палявых умовах. Знаёмства з асновамі “школы выжывання”.

Экспедыцыйныя выхады на мясцовасць з мэтай вывучэння прыродных з’яў і месц, звязаных з гістарычнымі падзеямі. Пошук, вывучэнне і пашпартызацыя рознапланавх аб’ектаў. Адпрацоўка норм тэхнікі бяспекі, аказанне першай даўрачэбнай дапамогі.

Прырода рэгіёна. Пазнавальныя і даследчыя магчымасці

Становішча рэгіёна на карце Рэспублікі Беларусь, Еўропы, свету. Транспартныя магістралі, шляхі зносін, сродкі камунікацыі.

Комплекснае вывучэнне прыродных аб’ектаў, выяўленне іх значымасці для населенага пункта і рэгіёна. Разнастайнасць форм рэльефа і ландшафтаў. Гідраграфія, басейны рэк, тыпы і асаблівасці азёр. Геалогія і глебы рэгіёна. Раслінны покрыў. Жывёльны свет. Прыродна-тэрытарыяльныя комплексы.

Геаграфічная характарыстыка месц, у якіх узніклі вядомыя населеныя пункты рэгіёна, гістарычныя аспекты.

Рэкрэацыйныя рэсурсы рэгіёна і ваколіц свайго населенага пункта ў розныя поры года. Спартыўны турызм і здаровы лад жыцця. Экалагічны турызм і ўплыў чалавека на прыроду. Агратурызм.

Урбанізаваныя тэрыторыі і прырода, антрапагенныя ландшафты. Ахоўваемыя аб’екты прыроды, запаведнікі і заказнікі. Устойлівае развіццё тэрыторыі.

Практычныя работы

Вызначыць размяшчэнне найбольш значных аб’ектаў прыроды на карце рэгіёна, нанесці на кнтурную карту. Скласці іх апісанне, сабраць ілюстратыўны матэрыял.

Наведаць прыродныя аб’екты ваколіц свайго населенага пункта і рэгіёна: узвышшы, нізіны, запаведнікі, заказнікі мясцовага значэння, хвойны лес, бярозавы гай, балота верхавое і нізіннве, даліны рэк, яры, камні-валуны, векавыя дрэвы, паркі, геалагічныя агаленні, глебавыя разрэзы, рэкі, азёры, антрапагенныя ландшафты, месцы, дзе растуць рэдкія і лекавыя расліны.

Замаляваць, сфатаграфаваць, вычарціць схемы размяшчэння аб’ектаў на мясцовасці, скласці пашпарты аб’ектаў для картатэкі, базы дадзеных або выніковай справаздачы. Апытаць мясцовых жыхароў аб ролі навакольнай прыроды ў іх жыцці. Маніторынг прыродакарыстання на даследуемай тэрыторыі.

Падрыхтаваць і правесці экспедыцыю, паход ці экскурсію. Скласці графік руху, смету.

Скласці падборку прыказак, прымавак, песень, вершаў, другіх мастацкіх твораў, звязаных з апісаннем свайго рэгіёна.

Скласці апавяданне або напісаць сачыненне пра тое, як змяніўся населены пункт і яго ваколіцы за апошнія 50 або 100 год і як вы прадстаўляеце яго ў будучыні.

Скласці спіс устаноў і прафесій, звязаных з абслугоўваннем і аховай прыродных комплексаў рэгіёна.

Вызначыць тэмы даследавання, распрацаваць праекты даследавання або папулярызацыі прыродных комплексаў і аб’ектаў. Скласці план работы над індывідуальнай тэмай. Скласці спісы літаратуры па тэмах даследавання. Збор матэрыялаў. Вывучэнне матэрыялаў мясцовага перыядычнага друку. Праца над рэфератамі.

Узаемадзеянне чалавека і прыроды. Прыродныя аб’екты свайго населенага пункта

Мой населены пункт на карце рэгіёна. Геаграфічная характарыстыка месца, у якім узнік дадзены населены пункт, узаемасувязь чалавека і прыроды. Урбанізаваная тэрыторыя, нагрузка на навакольнае асяроддзе. Антрапагенны ландшафт. Мікратапонімы.

Экскурсійны метад пазнання, складанне маршрутаў.

Рэкрэацыйныя прыродныя рэсурсы рэгіёна: паркі, скверы, дэндралагічны сад, берагі рэк, азёр. Роля і месца куточкаў прыроды і прыродных комплексаў у жыцці чалавека.

Прыродныя аб’екты для вывучэння: рэкі, азёры, сажалкі, геалагічныя агаленні, яры, валуны, паркі, мясцовы мікразаказнік, зялёныя зоны адпачынку, рэдкія дрэвы, хмызнякі, кветнікі і ншае.

Заканадаўства РБ аб ахове прыроды, права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Практычныя работы

Скласці картасхемы размяшчэння прыродных аб’ектаў на тэрыторыі населенага пункта, маршруты прыродазнаўчых экскурсій з абазначэннем цікавых месц ў розны поры года. Экалагічная сцежка. Скласці тэкставыя апісанні, падабраць ілюстратыўны матэрыял.

Правесці творчыя конкурсы (малюнкаў, вершаў, фотаздымкаў, песень, мультымедыйных прэзентацый). Скласці віктарыны і красворды для малодшых школьнікаў.

Сабраць калекцыю ўзораў драўніны, гербарыі сельскагаспадарчых і дзікарастучых раслін.

Аформіць выставу, правесці прэзентацыю сваіх работ.

Распрацаваць рэкламна-агітацыйныя буклеты, лістоўкі, плакаты па прапагандзе здаровага ладу жыцця для вучняў сваёй школы.

Сумесна з лясгасам, камітэтам па ахове прыроды або ЖКГ арганізаваць акцыі па ачыстцы паркаў, сквераў, прыняць удзел у пасадцы новых алей. Распрацаваць праект азелянення памяшкання або прылягаючай тэрыторыі.

Падрыхтаваць матэрыялы для СМІ.

Наведаць музеі і куткі прыроды.

Скласці спіс навучальных устаноў, дзе можна атрымаць прафесію, звязаную з прыродакарыстаннем.

Скласці спісы літаратуры па тэмах даследавання, сабраць матэрыялы, вывучыць статыстычныя дадзеныя і матэрыялы мясцовага перыядычнага друку.

Праца над рэфератамі.

Культурна-гістарычная спадчына рэгіёна. Пазнавальныя і даследчыя магчымасці

Культурна-гістарычныя аб’екты і памятныя мясціны, звязаныя з гістарычнымі падзеямі, на карце рэгіёна. Агляд археалагічных помнікаў.

Памятныя мясціны, звязаныя са славутымі землякамі і вядомымі людзьмі. Помнікі і мемарыяльныя комплексы, звязаныя з гераічным мінулым нашага рэгіёна. Памятныя мясціны, комплексы і памятныя знакі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне.

Асаблівасці архітэктуры рэгіёна.

Музеі, бібліятэкі рэгіёна.

Пазнавальны турызм і ўсебаковае развіццё асобы.

Агляд прафесій, звязаных з вывучннем і захаваннем культурна-гістарычнай спадчыны.

Даследчыя магчымасці свайго рэгіёна. Выбар індывідуальных тэм для рэфератаў.

Заканадаўства РБ аб ахове помнікаў гісторыі і культуры.

Практычныя работы

Скласці картасхемы рэгіёна з абазначэннем аб’ектаў даследавання.

Скласці схему маршрута экспедыцыі.

Скласці план вывучэння аб’екта або падзеі. Скласці спіс літаратуры і сабраць матэрыялы па тэмах даследавання. Запоўніць пашпарты асобных аб’ектаў. Праца ў архіве і бібліятэцы па даследуемых тэмах.

Сабраць ілюстратыўны матэрыял па аб’ектах даследавання (малюнкі, фотаздымкі, паштоўкі). Распрацаваць рэкламна-агітацыйныя буклеты, лістоўкі, плакаты па прапагандзе пазнавальных экскурсійных маршрутаў да памятных мясцін.

Вывучэнне матэрыялаў мясцовага перыядычнага друку. Праца над рэфератамі.

Мой населены пункт. Апісанне аб’ектаў, пашпартызацыя.

Гістарычная рэтраспектыва ўзнікнення населенага пункта. Найбольш значныя гістарычныя месцы населенага пункта.

Помнікі, архітэктура, агляд музеяў горада і раёна. Магчымасці рэгіёна для правядзення даследчай работы краязнаўчага характару.

Практычныя работы

Сфармуляваць праблему, разгледзець магчымасці яе распрацоўкі, скласці план работы над тэмай даследавання, сабраць матэрыялы, прааналізаваць, зрабіць уласныя вывады.

Скласці спіс літаратуры па тэме даследавання. Вывучыць матэрыялы мясцовага перыядычнага друку.

Праца ў бібліятэцы з даведнікамі, энцыклапедыямі, картамі, друкаванымі выданнямі.

Сабраць ілюстратыўны матэрыял па аб’ектах даследавання (малюнкі, фотаздымкі, паштоўкі).

Наведаць аб’екты ці месцы падзей на мясцовасці. Пашпартызаваць аб’екты даследавання і апісаць іх сучасны стан.

Апытанне мясцовых жыхароў, методыка інтэрв’юравання. Запіс успамінаў.

Скласці пералік музеяў для наведвання. Скласці пералік устаноў і ведамстваў, дзе могуць быць матэрыялы для даследаванняў.

Праца над рэфератамі. Падрыхтоўка да канферэнцыі, конкурса, выставы работ, краязнаўчых чытанняў.

Захаванне прыроднай унікальнасці і культурнай самабытнасці для ўстойлівага развіцця рэгіёна

Устойлівае развіццё. Знаёмства з Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця РБ да 2020 года.

Заканадаўства РБ аб ахове аб’ектаў прыроды, гісторыі і культуры.

Ахоўваемыя аб’екты міжнароднага, рэспубліканскага  мясцовага значэння.

Мясцовыя дзяржаўныя органы, адказныя за выкананне заканадаўчых актаў. Мясцовыя традыцыі прыродакарыстання. Адказнасць грамадзян за захаванасць прыроднай, культурнай і гістарычнай спадчыны сваёй малой радзімы.

Практычныя работы                                   

Скласці або ўдакладніць спісы ахоўваемых аб’ектаў на сваёй тэрыторыі. Апісаць сучасны стан аб’ектаў даследавання, скласці акты абследавання аб’ектаў, накіраваць у кампетентныя органы прапановы па ахове або фіксацыі аб’ектаў, гістарычных мясцін.

Арганізаваць і правесці акцыі па добраўпарадкаванні культурна-гістарычных і прыродных аб’ектаў сваёй мясцовасці.

Насельніцтва рэгіёна

     Гісторыя засялення рэгіёна, узаемасувязь чалавека з прыродай.

Культурна-гістарычныя асаблівасці рэгіёна. Этнагенез.

Этнічны і рэлігійны склад жыхароў свайго населенага пункта, гістарычны агляд. Паняцце талерантнасці. Асаблівасці сукупнасці хрысціянскага і язычніцкага погляду на свет.

Бытавыя і мастацкія традыцыі насельніцтва.

Колькасць і дынаміка насельніцтва рэгіёна, сацыяльны склад. Натуральны рух і міграцыя насельніцтва. Дэмаграфічныя працэсы. Беларускае заканадаўства і Рэспубліканская праграма па процідзеянні гандлю людзьмі.

Асаблівасці размяшчэння насельніцтва. Працоўныя рэсурсы, структура занятасці насельніцтва, распаўсюджаныя прафесіі. Асабістае рэзюме.

Практычныя заняткі

Вывучэнне мастацкіх традыцый, мясцовых абрадаў і фальклора. Фатаграфаванне і замалёўкі рухомых прадметаў (рушнікі, адзенне, прадметы побыту) і запісы, фіксацыя нематэрыяльнай творчасці (вусная народная творчасць). Запісы ўспамінаў аб сімволіка-абрадавых функцыях прадметаў матэрыяльнай культуры.

Аналіз адміністратыўнай карты свайго раёна. Аналіз табліц, графікаў, дыяграм, картасхем, якія характарызуюць дынаміку насельніцтва рэгіёна і свайго населенага пункта.

Вывучэнне антрапанімікі свайго прозвішча. Аналіз тапанімічных асаблівасцей рэгіёна, складанне картасхем, картатэк назваў найбольш распаўсюджаных і рэдкіх мясцовых тапонімаў. Расшыфроўка мясцовых тапонімаў на аснове тапанімічных слоўнікаў і літаратурных крыніц.

Экскурсіі ў музеі і наведванне краязнаўчых куткоў. Сустрэчы з вядомымі людзьмі рэгіёна.

Тэставанне прафесійных пераваг і схільнасцей. Трэнінгі па напісанні рэзюме і паспяховых камунікацыях.

Збор матэрыялаў па тэмах па тэмах даследаванняў, праца над рэфератамі.

Асаблівасці паселішчаў рэгіёна. Гісторыка-геаграфічныя фактары

Залежнасць тыпу рэгіянальнага рассялення ад прыродных умоў і гаспадарчай дзейнасці жыхароў. Гістарычны тып пасяленняў (вёска, сяло, слабада, ваколіца, фальварак, засценак, хутар, мястэчка, горад), спадарожная інфраструктура. умовы, якія абазначылі месцапалажэнне населеных пунктаў (мясцовыя рэсурсы і прыродныя ўмовы, асаблівасці рэльефа мясцовасці і наяўнасць вадаёмаў, крыніц і шляхоў зносін у розныя гістарычныя эпохі).

Час узнікнення населенага пункта, асаблівасці жыллёвай забудовы, план паселішча. Тыпы населеных пунктаў сваёй мясцовасці, іх форма, планіроўка. Грамадзянская і гаспадарчая архітэктура.

Помнікі і гістарычныя месцы, звязаныя з культурнай спадчынай розных этнічных груп.

Нагрузка, якую ствараюць населеныя пункты на навакольнае асяроддзе. Экалагічныя праблемы ізвязаныя з імі праблемы ўстойлівага развіцця населенага пункта і рэгіёна.

Прафесіі, звязаныя з будаўніцтвам жылля, добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, паняццепрафпрыгоднасці.

Практычныя заняткі

Экскурсіі па населенаму пункту і ваколіцах. Фатаграфаванне сучаснай і гістарычнай забудовы. Знаёмства з картаграфічнымі матэрыяламі розных гістарычных эпох і рэпрадукцыямі старадаўніх гравюр. З паштоўкамі, фотаздымкамі, на якіх адлюстраваны асаблівасці паселішчаў і забудова рэгіёна ў розны гістарычны час, аналіз змен і прычын, якія іх выклікалі. Правесці параўнальную характарыстыку жылля і ўмоў камфортнасці пражывання ў ім насельніцтва, выявіць залежнасць ад асаблівасцей гаспадарчай дзейнасці насельніцтва ў розны гістарычны час.

Прааналізаваць залежнасці мясцовай сеткі населеных пунктаў і тэрытарыяльнай арганізацыі вытворчасці ў розны час.

Наведаць помнікі і гістарычныя мясціны, звязаныя з пражываннем на тэрыторыі розных этнічных груп насельніцтва.

Прааналізаваць матэрыялы перыядычнага друку аб тэхнагенных катастрофах на тэрыторыі рэгіёна.

Экскурсія ў навучальныя ўстановы з наменклатурай будаўнічых прафесій. Сустрэчы са спецыялістамі галіны.

Тэсціраванне прафесійных схільнасцей. Адпрацоўка навыкаў напісання рэзюме, падрыхтоўка да індывідуальнага субяседавання. Знаёмства з работай тэрытарыяльнага цэнтра занятасці і методыкамі работы кадравых агенцтваў. Маркетынгавыя даследаванні рынка працы свайго горада (населенага пункта).

Арганізацыя выставы фотаработ або конкурса творчых работ па тэме.

Збор матэрыялаў па тэмах даследавання, праца над рэфератамі.

 Працоўныя будні рэгіёна

Тыповыя і рэдкія гаспадарчыя аб’екты рэгіёна. Традыцыйныя і новыя перспектыўныя прафесіі гаспадарчых аб’ектаў.

Навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць кадры для рэгіёна. Вядомыя людзі і ветэраны працы.

Агляд літаратуры і перыядычнага друку па тэме.

Гарызантальны і вертыкальны кар’ерны рост, навыкі самапрэзентацыі, навыкі развіцця лідарскіх якасцей.

Практычныя заняткі

Экскурсіі на гаспадарчыя аб’екты, знаёмства з прафесіямі, сустрэчы з кіраўнікамі і лепшымі працаўнікамі. Адпрацоўка навыкаў інтэрв’юравання. Складанне летапісу прадпрыемства.

Экскурсіі ў навучальныя ўстановы, знаёмства з прапануемым пералікам прафесій, умовамі паступлення.

Скласці фотагалерэю прадстаўнікоў розных прафесій рэгіёна па матэрыялах друку. Творчыя выставы і конкурсы па тэме.

Тэсціраванне на выяўленне лідарскіх якасцей. Трэнінгі на замацаванне навыкаў упэўненай самапрэзентацыі і развіцця лідарскіх якасцей.

Аналіз статыстычных дадзеных даведачнай літаратуры і СМІ па тэме.

Збор матэрыялаў па тэмах даследавання, праца над рэфератамі.

Гістарычны агляд сацыяльна-эканамічных асаблівасцей развіцця рэгіёна

Гістарычны агляд сацыяльна-эканамічных асаблівасцей развіцця рэгіёна. Гісторыка-геаграфічны агляд свайго краю, яго галоўных гаспадарчых аб’ектаў. Уплыў гістарычных, палітычных і ваенных фактараў на тэмкі і напрамкі развіцця гаспадаркі. Аднаўленне гаспадаркі пасля Другой сусветнай вайны. Гістарычны агляд змен структуры гаспадаркі.

Асноўныя этапы развіцця гаспадаркі рэгіёна. Знаёмства з яго структурай, асаблівасцямі, характэрнымі рысамі.

Знаёмства з гісторыка-геаграфічнымі зменамі відаў гаспадарчай дзейнасці жыхароў свайго населенага пункта.

Рэгіянальныя асаблівасці развіцця раслінаводства і жывёлагадоўлі.

Знаёмства з гісторыяй дабываючых промыслаў і рамёстваў.

Прыродна-экалагічныя асаблівасці рэгіёна і спосабы жыццядзейнасці. Гаспадарчае выкарыстанне рэкрэацыйных рэсурсаў – уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.

Сістэма вучнёўства, цэхі-брацтвы, сельскія рамеснікі. ткацтва, ювелірная справа, ганчарства, разьба па дрэву, кавальства, апрацоўка дрэва і косці, гарбарная справа і іншыя. Адраджэнне народных промыслаў і рамёстваў – адзін са шляхоў развіцця сельскіх тэрыторый. Традыцыйныя віды дзейнасці, рамёствы і промыслы прадстаўнікоў этнічных груп насельніцтва ў розныя гістарычныя эпохі.

Культурная разнастайнасць, узаемапранікненне культур.

Дамы рамёстваў, пазашкольныя ўстановы, напрамкі іх дзейнасці.

Прафесіі старажытныя і сучасныя, шляхі атрымання прафесійных навыкаў і годнага рабочага месца.

Практычныя заняткі

Скласці гісторыка-геаграфічны нарыс рэгіёна і яго асноўных аб’ектаў. Зрабіць гаспадарчую ацэнку прыродных умоў і рэсурсаў і выявіць узаемасувязь з гаспадарчай дзейнасцю насельніцтва.

Аналіз структуры гаспадаркі, выяўленне асаблівасцей, характэрных рыс, залежнасці ад прыродных умоў і рэсурсаў. Узаемасувязь структуры гаспадаркі з развіццём і навучаннем працоўных рэсурсаў і высветліць узаемасувязь ад прыродных умоў і рэсурсаў. Узаемасувязь структуры гаспадаркі з развіццём і падрыхтоўкай працоўных рэсурсаў. Складанне картасхем, дыяграм.

Знаёмства з літаратурай, якая апісвае гаспадарчую дзейнасць жыхароў рэгіёна. Аналіз мясцовага друку аб традыцыйных промыслах, рамёствах і аб сучаснай гаспадарчай дзейнасці насельніцтва рэгіёна.

Знаёмства з традыцыйнымі промысламі і рамёствамі. Экскурсіі ў музеі, Дом рамёстваў, наведванне сучасных аб’ектаў гаспадарчай дзейнасці.

Экспедыцыйная дзейнасць – пошук гістарычных аб’ектаў матэрыяльнай культуры, гаспадарчай дзейнасці чалавека (млын, канюшня, ганчарная майстэрня, кузня, карчма, піваварня, каналы і другія гаспадарчыя пабудовы).

Збор і афармленне матэрыялаў аб сучасных гаспадарчых аб’ектах.

Збор матэрыялаў па тэмах даследаванняў, праца над рэфератамі.

 Шляхі зносін і транспартныя сродкі

Гістарычны агляд геаграфіі шляхоў зносін. Шляхі водныя і сухапутныя, старыя “шляхі”, “бальшакі”, “тракты” на мясцовасці. Шлях “з варагаў у грэкі”, “Альгердаў шлях”.

Тыпы і класы дарог. Традыцыйныя і сучасныя віды транспарту. Адлюстраванне шляхоў зносін на картах, сучасная транспартная сетка.

Узаемасувязь узроўню развіцця рэгіёна і транспартных артэрый. Гаспадарчая дзейнасць, звязаная з абслугоўваннем шляхоў зносін. навучальныя ўстановы транспартнага профіля, разнастайнасць прафесій.

Практычныя заняткі

Аналіз картаграфічнага матэрыялу, сістэмы транспартных артэрый і неабходнасці іх абслугоўвання ў розныя гістарычныя эпохі.

Знаёмства з тыпамі экіпажаў, рабочых вазоў і рачных судоў па літаратурных і ілюстратыўных крыніцах. Наведванне мясцовых аб’ектаў, звязаных з транспартнай сеткай розных эпох. Апытанне мясцовых жыхароў, нанясенне на карту-схему адрэзкаў старых дарог, перапраў, гаваней і інш.

Знаёмства з прафесіямі, звязанымі з абслугоўваннем транспартных артэрый.

Складанне рэзюме, адпрацоўка навыкаў праходжання субяседавання.

Сустрэча з цікавымі людзьмі, перадавікамі вытворчасці, якія працуюць у дадзенай галіне. Запіс успамінаў. Збор матэрыялаў па тэмах даследаванняў, праца над рэфератамі.

 Геаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя асаблівасці рэгіёна, перспектывы развіцця

Чалавек, прырода, эканоміка – знаёмства з прынцыпамі ўстойлівага развіцця тэрыторый. Экалогія рэгіёна, ахова прыроды.

Гаспадарчая ацэнка рэсурсаў, якімі валодае рэгіён. Забяспечанасць сыравінай для вытворчасці, энергетычнай базай, прыроднымі і працоўнымі рэсурсамі.

Перспектыва выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі ў рэгіёне. Энергазберажэнне.

Вывучэнне гаспадарчага профіля свайго населенага пункта. Вывучэнне патрэбнасці ў працоўных рэсурсах па даступных крыніцах.

Вывучэнне звестак пра знамянальныя падзеі, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю жыхароў, формы ўласнасці. Традыцыйныя і перспектыўныя галіны сучаснай гаспадаркі, іх формы ўласнасці.

Навучальныя ўстановы рэгіёна, падрыхтоўка кадраў для гаспадарчай дзейнасці. Традыцыйныя і новыя прафесіі.

Практычныя заняткі                  

Распрацаваць стратэгію ўстойлівага развіцця свайго населенага пункта.

Вызначыць гаспадарчы профіль свайго населенага пункта, сабраць неабходныя звесткі і статыстычныя дадзеныя.

Скласці спіс галін гаспадаркі рэгіёна і асноўных прафесій. Пазнаёміцца з працай устаноў экалагічнага профіля рэгіёна.

Вывучыць патрэбнасць у працоўных рэсурсах па даступных крыніцах, аналіз мясцовых СМІ.

Вывучэнне архіўных матэрыялаў, праца ў бібліятэках, пошук матэрыялаў аб знамянальных падзеях, звязаных з гаспадарчай дзейнасцю жыхароў рэгіёна.

Збор матэрыялаў па тэмах даследаванняў, праца над рэфератамі.

Адпрацоўка навыкаў пошуку работы і складання эфектыўнага рэзюме.

Знаёмства з тэхналогіямі ацэначнага цэнтра, адпрацоўка навыкаў праходжання інтэрв’ю пры ўладкаванні на працу.

 Гістарычны агляд форм уласнасці, рэгіянальныя асаблівасці. Свет прадпрымальніцтва

Гістарычны агляд форм уласнасці, рэгіянальныя асаблівасці.

Гістарычныя прадпасылкі станаўлення прыватнай уласнасці ў рэгіёне. Уводзіны ў прадпрымальніцтва.

Знаёмства з асноватворнымі ўмовамі поспеху ў прадпрымальніцтве. Ключавыя аспекты бізнесу. Уласны бізнес – перавагі і недахопы. Магчымасці для развіцця прадпрымальніцтва ў нашым рэгіёне. Агляд заканадаўства РБ.

Сферы вытворчай дзейнасці малога і сярэдняга бізнесу. Маркетынгавыя даследаванні рынка паслуг свайго населенага пункта. Планаванне бізнесу. Новыя прафесіі, дэфіцыт кадраў.

Практычныя заняткі

Прааналізаваць прадпрымальніцтва як магчымую кар’еру.

Пазнаёміцца з матэрыяламі СМІ аб паспяховых прадпрымальніках, правесці сустрэчы з бізнесменамі свайго населенага пункта.

Аналіз асобасных фактараў пры прыняцці рашэнняў аб адкрыцці ўласнай справы шляхам правядзення трэнінгаў па наступных тэмах: магчымасці знаходзяцца вакол нас; вытокі магчымасцей; разуменне творчасці; чаму адны людзі больш крэатыўныя, чым другія? Пяць ступеней творчасці, метады генерацыі бізнес-ідэй; прэзентацыя бізнес-ідэй і конкурс бізнес-планаў мікрапрадпрыемстваў.

Збор матэрыялаў па тэмах даследаванняў, праца над рэфератамі і бізнес-планамі, правядзенне маркетынгавых даследаванняў.

 Экспедыцыйная работа і індывідуальная работа па тэме даследавання

Экспедыцыйная работа: этапы падрыхтоўкі, правядзення і падвядзення вынікаў экспедыцыі.

Пошукавая работа на мясцовасці, спецыфіка пошуку гаспадарчых аб’ектаў мінулых эпох.

Экалагічны маніторынг гаспадарчай дзейнасці чалавека.

Склад удзельнікаў, графік маршрута, спіс вывучаемых аб’ектаў і падзей. Картаграфічны матэрыял раёна экспедыцыі, апытальнікі, картачкі-пашпарты аб’ектаў. Тэхнічнае аснашчэнне экспедыцыі. Рыштунак асабісты, групавы і спецыяльны для забеспячэння экспедыцыйнай дзейнасці.

Правесці даследчую работу на мясцовасці, апытаць мясцовых жыхароў па тэме.

Адпрацоўка навыкаў бяспечных паводзін. Аказанне першай даўрачэбнай дапамогі.

 Падвядзенне вынікаў, афармленне матэрыялаў

Выніковыя мерапрыемствы, этапы падрыхтоўкі.

Параметры афармлення выніковых прац, існуючыя нормы.

Практычныя работы

Афармленне матэрыялаў працы па індывідуальных тэмах. Набор тэкстаў, рэдагаванне, вёрстка, раздрукоўка, рэцэнзаванне.

Правядзенне выніковых мерапрыемстваў. Удзел у выніковых выставах, конкурсах рэфератаў, чытаннях, канферэнцыях.

Правядзенне маніторынга эфектыўнасці заняткаў ўляхам анкетавання вучняў і іх бацькоў.

Прагназуемая выніковасць

Вучні, члены аб’яднання па інтарэсах “Мой рэгіён – мая малая радзіма” ў выніку ажыццяўлення дадзенай праграмы будуць ведаць:

-асноўныя аб’екты рэгіёна, вывучэнне якіх значыма ў пазнавальным і выхаваўчым плане;

-працэдуру пошуку аб’ектаў на мясцовасці;

-парадак вывучэння і пашпартызацыі аб’ектаў;

-прынцыпы выкарыстання сацыялагічных метадаў і апрацоўкі атрыманых дадзеных;

-парадак апрацоўкі вынікаў, праведзенай экспедыцыйнай дзейнасці;

-асаблівасці падрыхтоўкі вынікаў даследчай працы для ўдзелу ў выставе або конкурсе;

-сучасныя патрабаванні да працоўных рэсурсаў;

-тэрмін “устойлівае развіццё”;

-асноўныя прынцыпы падрыхтоўкі экспедыцыі;

-прыродна-гістарычныя прадпасылкі і асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна;

-прынцыпы фармуліравання праблемы даследавання;

-парадак складання плана работы над праблемай;

-установы рэгіёна, у якіх ёсць матэрыялы па тэме даследавання;

-сучасныя гаспадарчыя аб’екты рэгіёна і новыя формы гаспадарання;

-навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць кадры для рэгіёна;

-прынцыпы складання рэзюме;

-парадак падрыхтоўкі да індывідуальнага субяседавання пры паступленні на працу.

Вучні будуць умець:

-складаць план работы па тэме даследавання;

-умець групаваць аб’екты па профілю даследавання;

-класіфікаваць аб’екты па ўзроўню значымасці;

-праводзіць пошук і даследаванне аб’ектаў на мясцовасці;

-праводзіць інтэрв’юраванне;

-запаўняць пашпарт аб’екта;

-складаць спіс літаратуры па тэме;

-шукаць і аналізаваць матэрыялы СМІ па тэме даследавання;

-складаць і аналізаваць картаграфічныя матэрыялы;

-праводзіць прэзентацыю сваёй экспедыцыйнай дзейнасці;

-скласці план падрыхтоўкі і правядзення экспедыцыі;

-фармуляваць праблему магчымага даследавання;

-складаць план работы над праблемай;

-збіраць, супастаўляць і аналізаваць матэрыялы па тэме даследавання;

-афармляць атрыманыя вынікі;

-самастойна працаваць з базай крыніц;

-арыентавацца на рынку працы свайго рэгіёна;

-складаць асабісты план кар’

 

Спіс літаратуры

1.  Атлас охотника и рыболова: Витебская область. – Мн., 2005. 

2. Витебская область. Природа, туризм, отдых: Рекламный проспект, Витебск, 2005.

3. Витебская область: Атлас автомобильных дорог. – Мн, 2004.

4. Витебск: энциклопедический справочник. – Мн.: БелСЭ, 1988.

5. Ганопольский, В.И. Уроки туризма: пособие для учителей/ В.И.Ганопольский. – Мн., 1998.

6. Ермаловіч, М.І. Старажытная Беларусь/ М.І.Ермаловіч. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1990.

7. Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии/ В.А.Жучкевич. – Мн.: БГУ, 1974. 

8. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Віцебская вобласць. – Мн.: БелСЭ, 1985.

 

9. Кішык, Ю.Н. Панарама старога Віцебска/ Ю.Н.Кішык. – Мн.: Полымя, 1995.