Зоркі перамог вучняў таленавітай настаўніцы Азярэцкай школы
Зусім нядаўна сваё прафесійнае свята адзначалі ўсе педагогі краіны. Шмат прыгожых цёплых слоў, мноства самых прыгожых кветак атрымаў,безумоўна, кожны прафесіянал сваёй справы. Але ж галоўным падарункам для кожнага настаўніка, несумненна, з’яўляюцца поспехі і дасягненні яго вучняў.
Вось і для настаўніцы гісторыі Азярэцкай дзіцячы сад-сярэдняй школы Глыбоцкага раёна Рубніковіч Зоі Мацвееўны, якая працуе ў Азярцах з 1986 года, перадсвяточныя дні былі насычаны на ўзнагароды за яе самаадданую і плённую працу на ніве адукацыі. З нагоды прафесійнага свята настаўнікаў Зоя Мацвееўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Прыемны і нечаканы падарунак напярэдадні прафесійнага свята прынесла сваёй настаўніцы таксама выпускніца школы Волкава Вікторыя Аляксандраўна. Пад непасрэдным кіраўніцтвам таленавітай настаўніцы адзінаццацікласніца падрыхтавала даклад “Формирование эстетической культуры подростков в условиях публичных библиотек (на примере Глубокской ЦБС)” і паспяхова прадставіла яго на секцыі “Першы крок у навуку” XVIII Міжнароднай навуковай канферэнцыі маладых вучоных “Молодёжь в науке – 2.0’21” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Са слоў удзельніцы канферэнцыі, тэма даклада была закранута дастаткова актуальная, але на перамогу нават не спадзяваліся, бо супернікі былі вельмі дастойныя, тым больш што сярод іх былі прадстаўнікі з буйных гарадоў нашай краіны, са сталічных школ, нават ліцэяў, каледжаў. Дарэчы, у сваёй падсекцыі, Вікторыя была не толькі адна з раёна, нават з усёй Віцебскай вобласці. Аднак, прафесійнае майстэрства вопытнага настаўніка і несумненны талент стараннай вучаніцы былі заўважаны нават на такім значным і прэстыжным навуковым форуме. У выніку, Вікторыя Волкава атрымала дыплом II ступені за лепшы даклад, прадстаўлены на секцыі “Першы крок у навуку” падсекцыі 2.Сацыяльна-гуманітарныя навукі .
Не менш прыемным падарункам напярэдадні дня настаўніка было атрыманне вучнямі Зоі Мацвееўны аж 4 дыпломаў акадэміі народнай энцыклапедыі у рэгіянальным конкурсе навукова-даследчых, метадычных і творчых работ “Родина у нас одна: Волкава Вікторыя (дыпломы I і II ступені), Завацкі Павел (дыплом II ступені), Жырнова Елізавета (дыплом I ступені).
Усе ўзнагароды вучняў Зоі Мацвееўны атрыманы заслужана і зусім не выпадкова. У Азярэцкай школе, дзе працуе вопытная і адказная настаўніца, значнае месца адводзіцца працы з адоранымі і таленавітымі вучнямі. Менавіта пад кіраўніцтвам Зоі Мацвееўны ў школе ўжо больш за 10 гадоў дзейнічае навуковае грамадства навучэнцаў «Поиск». Яна ж такама ўзначальвае аб’яднанне па інтарэсах “Мой рэгіён – мая малая Радзіма”. Неаднойчы былі ўдзельнікамі шматлікіх конкурсаў і канферэнцый рознага ўзроўю нядаўнія выпускнікі Азярэцкай школы, цяперашнія студэнты прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны Дар’я Слуцкая, Крысціна Буторына, Ірына Гусак, Паліна Лапунова, Павел Шынкевіч.
Да ліку толькі некаторых перамог вучняў Зоі Мацвееўны за мінулы навучальны год можна аднесці наступныя: рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч” (дыплом III ступені), раённы этап рэспубліканскага конкурсу даследчых работ “Скарбы маёй сям’і” (2 месца), абласны этап рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” (дыплом II ступені), раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Войны священные страницы навеки в памяти людской” (2 месца), абласныя краязнаўчыя чытанні “Неизвестное известное, или история в лицах” (дыплом II ступені), абласны конкурс вучнёўскіх даследчых работ па вучэбных прадметах для навучэнцаў 5-8 класаў “Я познаю мир” (дыплом II ступені , два дыпломы III ступені), міжнародная маладзёжная навукова-практычная канферэнцыя “Великая Отечественная война 1941-1945 годов в историческо памяти ” (пахвальны водгук), міжнародны конкурс на лепшае эсэ “100 слов в защиту историко-культурного наследия” (2 место), раённы этап рэспубліканскага конкурсу па распрацоўцы даведнікаў рэгіянальных экскурсійных маршрутаў адукацыйнай накіраванасці “Дорогами знаний” (1 месца)… І гэты спіс можна працягваць бясконца.
Рубніковіч Зоя Мацвееўна – несумненны прыклад для ўсіх настаўнікаў і вялікі гонар для сваёй Азярэцкай школы. Менавіта на такіх таленавітых,творчых і апантаных сваёй справай педагогаў хочацца раўняцца і быць падобнымі.