Областные соревнования по волейболу
Увлекательное путешествие в Новолукомль
Огонек приглашает друзей
Первенство по волейболу
Марафон к 85-летию Глубокского района
День космонавтики
Экскурсия в редакцию районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

 Багата ў Азярэцкай школы слаўных традыцый. Адна са шматгадовых  -  лютаўская сустрэча з былымі выпускнікамі і педагогамі.

Сёлетні навучальны год не стаў выключэннем. Акрамя таго, на  ўрачыстым мерапрыемстве сабралася больш за дзвесце чалавек: Азярэцкая школа адзначала свой 50-гадовы юбілей.

 

Са старонак школьнай гісторыі

Гісторыя Азярэцкай школы непадзельная з гісторыяй Мамайскай школы, якая пачынае свой адлік з 1940 года. Утой час у  вёсцы Мамаі быў пабудаваны драўляны будынак чатырохкласнай школы, які, на жаль, праз пэўны час згарэў. Дзякуючы дапамозе саўгасаў  “1-е Мая (в. Мамаі) і “Бальшавік” (в. Абруб-Беразвецкі і в. Станулі), да пачатку 1957/1958 навучальнага года быў узведзены новы будынак Мамайскай (сямігадовай) школы.

На працягу 20-ці гадоў Мамайскую школу ўзначальваў Гінзбург Ізраіль Самуілавіч - выдатнік народнай асветы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, чалавек высокай эрудыцыі. Падчас яго кіраўніцтва ў школе часта ладзіліся піянерскія кастры, “Зарніцы”, праводзіліся паходы, экскурсіі. Нават сёння многія вучні Ізраіля Самуілавіча паважліва кажуць пра яго: “Быў, ёсць і будзе настаўнікам”.

1973 год. Школа атрымала статус сярэдняй і прапіску ў новым будынку вёскі Азярцы.

У 1978 годзе Азярэцкую сярэднюю школу ўзначаліў Каляга Пётр Уладзіміравіч, чалавек адказны, ініцыятыўны і творчы. Больш за 26 гадоў ён штодзённа жыў клопатамі і радасцямі вялікай школьнай сям’і. Цікавы факт: Пётр Уладзіміравіч з’яўляецца аўтарам і кампазітарам гімна Азярэцкай школы, які традыцыйна гучыць на ўсіх значных яе мерапрыемствах.

І сёння шмат цёплых слоў, шчырай падзякі ў адрас  былога дырэктара можна  пачуць ад яго калег і вучняў.

У 2004 на змену Пятру Уладзіміравічу на пасаду дырэктара прыйшла Лукашэвіч Людміла Аляксандраўна, чалавек аўтарытэтны, зацікаўлены і камунікабельны. Дзякуючы яе энтузіязму і любові да замежных моў, некаторыя азярэцкія вучні аднымі з першых у Глыбоцкім раёне “адчынілі  дзверы ў Еўропу” - у межах французска-беларускіх сяброўскіх узаемаадносінаў у 2009 годзе пабывалі ў Францыі.

На ветразі са школьнымі сябрамі

Пашчасціла пападарожнічаць у часе былым выпускнікам і гасцям Азярэцкай школы падчас юбілейнага святочнага мерапрыемства. Разам з вядучымі прысутныя ўяўна траплялі на астравы “Мудрасці” і “Дабрыні”, “Надзеі” і ”Мары”, “Крэатыву” і  “Натхнення”, “Успамінаў” і  “Юнацтва”...

Сярод ганаровых гасцей на юбілейнай урачыстасці прысутнічала начальнік аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Гаўрылава Таццяна Вячаславаўна. Падчас свайго выступлення яна адзначыла: “Азярэцкая школа на працягу многіх гадоў займае годнае месца сярод навучальных устаноў Глыбоцкага раёна. Яна мае шмат добрых традыцый, зладжаны педагагічны калектыў - актыўных і зацікаўленых людзей, якія працуюць на карысць дзецям і сваёй дзяржаве. Выпускнікі Азярэцкай школы - вартыя грамадзяне, кожны з якіх праявіў сябе ў пэўнай прафесіі ці справе.”

Перад прысутнымі на святочным мерапрыемстве выступіў таксама Гінзбург Міхаіл Ізраілевіч, сын былога дырэктара школы Гінзбурга Ізраіля Самуілавіча. Ён павіншаваў ўсіх з юбілеем школы і пажадаў ёй далейшага шчаслівага лёсу.

Да эстафеты віншаванняў актыўна далучыліся ветэраны педагагічнай працы, настаўнікі, якія прысвяцілі ёй не адзін дзясятак свайго жыцця. Зоя Васільеўна Стоцік, былая настаўніца рускай мовы і літаратуры, адзначыла: “Азярэцкая школа піша 50-ую старонку сваёй гісторыі. Гэта многа ці мала? Канешне, многа: як і чалавек, школа мае сваё аблічча, жыццёвы  вопыт; яна была і застаецца  тым месцам, куды хочацца вяртацца”.

Раздзяліць радасць з нагоды юбілею на свята прыйшла і старшыня Азярэцкага сельскага выканаўчага камітэта Анашкевіч Святлана Вацлаваўна. Падчас выступлення яна засяродзіла ўвагу на тым, што сёння Азярэцкая школа з’яўляецца важным асяродкам у жыцці аграгарадка Азярцы.

  Займальнае падарожжа на школьным ветразі арганічна дапаўнялі музычныя  і паэтычныя нумары, танцы, выступленне Азярэцкай дзіцячай школы мастацтваў - ансамбля народных інструментаў “Васількі” і вакальнага інструментальнага ансамбля “Васьмушкі”.

Не абышлося і без кветак і падарункаў ад аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама, удзячных выпускнікоў школы  і гасцей.

Тут жыве дзяцінства

І з гэтым лёгка пагадзіцца, калі наведаць Азярэцкую сярэднюю школу. На працягу апошніх дваццаці гадоў яна застаецца адной з самых прыгожых навучальных устаноў у Глыбоцкім раёне.

Утульныя кабінеты, сучаснае тэхнічнае абсталяванне, кабінет робататэхнікі SCRATCH, прасторная сталовая, спартыўная зала і многае іншае - усё гэта садзейнічае паспяховай арганізацыі адукацыйна-выхаваўчага працэсу ва ўстанове.

Як і ў любой школе, так і ў Азярэцкай сярэдняй галоўнай каштоўнасцю былі і застаюцца яе вучні. Яны актыўна ўдзельнічаюць у розных праектах і конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, паспяхова прадстаўляюць сваю школу ў даследчай дзейнасці.  Шмат падарожнічаюць.

Акрамя таго, прыярытэтнымі накірункамі работы ўстановы па-ранейшаму застаюцца зберажэнне і ўмацаванне здароўя дзяцей, забеспячэнне якасці адукацыі, развіццё творчых здольнасцей вучняў, супрацоўніцтва школы з Азярэцкай дзіцячай школай мастацтваў і іншымі навучальнымі і культурнымі ўстановамі раёна.

Шмат цікавых планаў у азярэцкіх вучняў і настаўнікаў і на бягучы 2024 год, які аб’яўлены ў Беларусі Годам якасці. Няхай усе яны абавязкова спраўдзяцца.

 Шчаслівага працягу і далейшай багатай гісторыі табе, родная Азярэцкая школа!

Людміла Шырынава

настаўніца беларускай мовы і літаратуры

ДУА “Азярэцкая сярэдняя школа Глыбоцкага раёна”

Азярэцкай_школе_-_50.jpg

Азярэцкай_школе_-_50_4.jpg

Азярэцкай_школе_-_50_1.jpg

Азярэцкай_школе_-_50_5.jpg

Азярэцкай_школе_-_50_3.jpg

Азярэцкай_школе_-_50_2.jpg