Мастак, закаханы ў сваю працу. Рэферат пра Эдуарда Мацюшонка
Малая радзіма – гэта месца, дзе ты нарадзіўся. Тут усё сваю: і рэчка, і луг, і сцяжынка ў лес… і самае галоўнае землякі-родзічы, суседзі, знаёмыя…
Прасачыўшы жыццёвы і творчы шлях мастака з в.Мнюта Глыбоцкага раёна Мацюшонка Эдуарда Уладзіміравіча (дарэчы, у 1989 г. прыняты ў Саюз мастакоў СССР) адразу разумееш: чалавек “закаханы ў сваю зямлю, свой род… , а яшчэ і ў сваю працу…”. І гэта сапраўды так.
Мацюшонак Эдурд Уладзіміравіч унёс значны ўклад у развіццё мастацтва і змог праславіць сваёй працай і майстэрствам сваю малую радзіму Глыбоччыну.
Глыбоцкі край… Глыбоччына… Для нас, глыбачан, кожнае вымаўленне і гучанне гэтых запаветных слоў абуджае нашу генетычную памяць, падсвядомую непарыўную сувязь з матчынай мовай, спадчынай продкаў, духоўнымі каштоўнасцямі…[7]. Эдуард Мацюшонак, член Саюза мастакоў, жыве і працуе ў г.Вілейка Мінскай вобласці. Аднак менавіта малая радзіма Глыбоччына служыць мастаку натхненнем на яго творчасць [1].
Нарадзіўся Э.Мацюшонак у вёсцы Мнюта, якая размешчана на беразе аднайменнай ракі Мнюта. Яшчэ ў дзяцінстве будучы жывапісец навучыўся любіць беларускую прыроду, бо такія ўжо адметныя мясцовыя краявіды, што зачароўваюць і натхняюць; навучыўся паважаць простых людзей, якія жывуць і працуюць на бяскрайніх прасторах нашай зямлі, навучыўся прытрымлівацца іх звычак і традыцый. На яркіх самабытных палотнішчах мастак увасобіў месца, падзеі, людзей, якія сфарміравалі яго мастацкае бачанне, светаадчуванне, жыццёвую пазіцыю. На адной з персанальных выстаў Э.Мацюшонак адзначыў, што для яго нацыянальная ідэя – гэта “зямля, якую я маю – другой быць не можа”. Мастак яскрава падкрэсліў моцную сувязь з месцам свайго нараджэння, са сваёй малой радзімай.
Творчасць мастака даволі незвычайная: ён піша маслам карціны – рэканструкцыі. Па старых фотаздымках, архіўных дакуметах, аповедах стварае на сваіх палотнах малюнкі пачатку ХХ стагоддзя і адраджае не толькі архітэктурную і гістарычную прыгажосць сваёй малой радзімы Мнюта, Пліса, Глыбокае, але нават выкарыстоўвае матэрыялы мінулых год. У адным з інтэрв’ю Э.Мацюшонак сказаў, што “сям’я – гэта космас, дзе фарміруецца дзіця”, таму лішніх дэталяў і элементаў тут няма і быць не можа – кожнае сямейнае выхаванне ўнікальнае і годна быць часткай цудоўнай выставы талантлівага мастака. Мастацтва Эдуарда Мацюшонка – гэта цэлы своеасаблівы адметны сусвет, яго філасофія жыцця, якой ён праз мастацкія палотны імкнецца падзяліцца з усімі. Яго карціны вельмі розныя, але іх аб’ядноўвае адно – адчуванне сябе ў гэтым свеце, любоў да роднай зямлі, да часам стрыманых і някідкіх краявідаў, але такіх блізкіх душы кожнага, хто захоўвае ў памяці мясціны свайго дзяцінства, сваю малую радзіму, тыя бестурботныя гадзіны маленства і юнацтва. Карціны Эдуарда Мацюшонка аб’ядноўвае любоў да сваіх каранёў, сваёй Бацькаўшчыны, сваёй гісторыі.
Любая выстава – гэта экскурс у гісторыю. Звернемся да персанальнай выставы “Дома”. Як я адзначыла раней, дом для мастака – гэта в.Мнюта на Глыбоччыне. У першую чаргу – гэта пах свежага хлеба, печ, бабулін куфэрак, люстра на сцяне… Зазірнеш у яе – а там нікога… Пайшлі ў нябыт яго продкі. Але тэма “Дзяды” ніколі не пакіне мастака.
Прааналізаваўшы карціны мастака, мы з упэўненасцю можам сказаць, што Э.Мацюшонак – апантаны сваёй працай чалавек. Яму да глыбіні душы добра знаёмы такія паняцці як “дом”, “сям’я”, “малая радзіма”. Каб лепш зразумець мастака, звернемя да яго палотнішч.
Перад намі карціны “Каўчэг”: аповед пра дом, дзе мастак нарадзіўся, дзе пачаў пазнаваць свет.
Тут жа Эдуард Мацюшонак прадаставіў і генеалагічнае дрэва, якое зрабіў з фотаздымкаў, а не з карцін: так яно больш дакладнае. Як сам кажа, стварыў свой каўчэг, у які заўжды вяртаецца ў думках….Так, для карціны “Каўчэг” ён узяў палатно, якое выткала маці, а доскі для падрамніка – з яе хаты. Расказвае мастак: “Я шчаслівы, што ў мяне не былі, а ёсць такія выдатныя бацькі. Яны зараз назіраюць за мной зверху. Кожны фотаздымак, які я захоўваю, – гэта як маленькі пазл, з якога складаецца карціна жыцця маіх продкаў. Там ёсць белыя лісты – гэта плямы, якія, на жаль, не засталіся ў маёй памяці”.
А вось як сам аўтар апісвае свой твор мастацтва “Каўчэг”: “ Гэта карціна мне дарагая яшчэ і таму, што палатно, на якім яна намалявана, ткала мая мама са сваёй роднай сястрой цёткай Геленай. Рама для карціны зроблена з таго стала, за якім трыццаць гадоў сядзела мая сям’я. Неяк тата мне сказаў, што на гарышчы ляжыць старая стальніца. А ў жыцці ж нічога не бывае проста так. Нават калі б я нічога не маляваў, а проста нацягнуў палатно і зрабіў рамку са стальніцы — гэта б ужо было часткай маёй гісторыі. Слова “каўчэг” для мяне заўсёды было вельмі кранальным. У цэнтры карціны на дыванчыку – мае мама і цёця. У мяне заўсёды пытаюць, чаму я не намаляваў іх твары. Я хачу, каб людзі, якія глядзяць на карціну, убачылі там сваіх родзічаў.
Побач маленькія карціны – усё тое, што было ў нашай хаце. Ключ. У куфары бабуля захоўвала ўсё тое, што патрэбна ёй на смерць, і дакументы. Якія дакументы былі ў той час? Па сутнасці, простыя паперкі. Але ўсе ведалі, што яны павінны быць зачынены на ключ. Будзільнік. Ён так трашчаў раніцай, каб карову ісці даіць! Незабыўнае. Абавязкова свечка. Яе запальвалі, калі надаралася якая бура ці што іншае. Яе запальвалі, калі чалавек адыходзіў у іншы свет. А вось люстэрка не намаляванае, яно сапраўднае. Углядаючыся ў яго, быццам бы зазіраю ў той час”.
Карціна ”Брамка” прысвечана цётцы мастака , якая памерла прама ў гэтым садзе, што яшчэ да вайны садзіла са сваім мужам. Расказвае Э.Мацюшонак: “Ніхто з нас не ведае, калі скрыпне брамка і мы адправімся ў іншы свет. А на зямлі застануцца тыя рэчы, якія мы зрабілі. Ад цёткі – сад з яблыкамі… Дачка ўвесь час хацела забраць яе з вёскі ў Полацк. Часам гэта ёй удавалася зрабіць ледзь не сілай. Але цётка вярталася ў вёску і прасіла ва ўсіх прабачэння… Яна хацела памерці там”.
Э.Мацюшонак стварыў цэлую серыю карцін “Адзінокія людзі забытых вёсак”. Перад намі старыя хаты, пабудаваныя яшчэ да вайны. Снапы. І адзінокая жанчына, якая сваё поле ўжо зжала. Інакш кажучы, скончыла сваё жыццё. Колькі гэтыя людзі вынеслі! Кожны дзень пасля цяжкай працы вярталіся без сіл. Гэта праца і прысвечана такім людзям.
Карціна “Стары млын у Мнюце” – гэта прызнанне ў любові да малой радзімы. Расказвае мастак: “Мне цяжка ўявіць чалавека, які любіць увесь свет, але не паважае месца, дзе ён нарадзіўся. Без малой Радзімы, без уяўлення яго непаўторнай прыгажосці і любові да яе і да людзей, якія жывуць там, са сваімі традыцыямі ў духоўнай, культурнай і працоўнай дзейнасці, мы падобныя да штучнага дрэва, можа быць, нават з пышнай лістотай, але без кораня”. Мастак нарадзіўся на беразе цудоўнай рэчкі Мнюта. На жаль, зараз там усё змянілася, толькі памяць захоўвае яркія малюнкі былога жыцця: на абрывістым беразе побач з бацькоўскім домам раскінулася векавая сасна, прываблівае шумам вады мясцовы млын… Усё гэта зараз акунулася ў вечнасць… З аповедаў мастака: “Аднойчы бацька сказаў мне: “Сын, калісьці тут стаяў млын, наш дом, а далей – графскі маёнтак. Усё немцы спалілі...“. Ён распавядаў мне, і ў вачах – прыкрасць ад таго, што гэта немагчыма паказаць сыну, вярнуцца туды. Я прапанаваў бацьку аднавіць. Кажу, маўляў, я буду маляваць, а ты падказвай: так ці не. Мы паехалі на тое месца, ён распавядаў, а я маляваў. Мы працавалі цэлае лета. Скончыў працу і паказваю. Я ўбачыў у вачах 75-гадовага бацькі слёзы, які сказаў ціха: “Дзякуй, сынок…”. Бацька сказаў, што я вярнуў яму тое, што ён, лічыў, больш ніколі не ўбачыць. Ён як быццам зноў у дзяцінстве. Тады я зразумеў, што такія працы павінны быць. І кожны чалавек павінен мець месца, адкуль усё пачыналася. Гэта і ёсць Радзіма”[6]. Эдуар Мацюшонак – шчыры захавальнік свайго роду [8]. Карціну “Хлеб” мастак прысвяціў свайму дзеду Вінцэнту, 1895 г.н., удзельніку першай сусветнай вайны, якому пасля цяжкога ранення ампутавала абедзве нагі. Перад ім стаяў выбар: паміраць – але застацца з нагамі, жыць – але без ног. Дзядуля выбраў другі варыянт. Аперацыю рабілі па-жывому, без абязбольвання, у полі, некалькі разоў: развівалася гангрэна. Але дзед выжыў. Вярнуцца ў вёску без ног у той час азначала – быць “паўчалавекам”: як жыць і працаваць інваліду на зямлі, якая патрабавала моцнага фізічнага здароўя, сілы і вынослівасці? [4]
Эдуард Уладзіміравіч Мацюшонак – сапраўдны вялікі народны мастак.… Ён не імкнецца да высокіх званняў, ён проста стварае свае высокадухоўныя палотны, свае карціны-рэканструкцыі нашай гісторыі. Мастак як ніхто вучыць нас любіць свой народ род, бацькоўскі кут і сваю радзіму. Адбылося больш за 20 персанальных выстаў мастака ў Беларусі і за мяжой. Яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, ЗША, Германіі. Усяго мастаком напісана каля паўтысячы карцін. І ў сваіх работах ён застаецца верным сваё галоўнай тэме – тэме Радзімы. Мы – землякі нашага славутага мастака. Нам блізкая яго творчасць, якая напоўнена любоўю да роднай зямлі, жаданнем захаваць багатую спадчыну свайго народа. Жадаем Эдуарду Мацюшонку прымнажаць і развіваць дар, дадзены Богам, шчодра несці яго людзям.
Літаратура
[3] https://www.sb.by/articles/mastak-zabytykh-vyesak.html
[4] http://www.ostrovets.by/news/persony/news7489.html 5. “Вольнае Глыбокае”. № 41(705). 6.”Шлях Перамогі” ад 28.02.1987. 7. ”Шлях Перамогі” ад 12.05.1999. 8.”Настаўніцкая газета” ад 26.11.1986 года













